Мова родная – мова модная

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Абвешчаны ён у лістападзе 1999 года рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

У гэтым годзе, задоўга да святкавання Дня роднай мовы, а менавіта 17 лютага, у шумлівыя паўсядзённыя размовы супрацоўнікаў, наведвальнікаў і чытачоў бібліятэкі-філіяла № 4 ім. М. Лермантава ўключылася важкае, выверанае стагоддзямі, поўнае мудрасці і стваральнай энергіі Роднае Слова — пачаўся святочны марафон “Мова родная – мова модная”.

“Мова — гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не шанаваць, як нельга не шанаваць родны народ, родную зямлю. Той, хто не паважае роднай мовы, той не паважае роднага народа” — так гаварыў вядомы беларускі пісьменнік Іван Мележ.

Такімі словамі для навучэнцаў дзяржаўных устаноў адукацыі пачыналіся ўсе мерапрыемствы, а іх было шмат. Адкрыла чараду мерапрыемстваў гадзіна беларускай культуры “Па-беларуску кажуць так …”. Прысутныя, а гэта навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа №33 г. Магілева” зрабілі падарожжа па неабсяжных прасторах беларускай мовы, пачынаючы ад яе вытокаў, станаўлення да сённяшняга часу, даведаліся, як узнікла наша беларуская мова, аб значэнні мовы як духоўнага скарбу, які перадаецца ад дзядоў і бацькоў да дзяцей і ўнукаў, ад пакалення да пакалення, дазналіся і аб тым, чаму наша мова жывая, родная, гаворкая. А затым ўспомнілі беларускія загадкі і прыкметы, жарты і лічылкі, а таксама вершы, казкі, апавяданні беларускамоўных аўтараў, папрактыкаваліся ў перакладзе слоў, прыказак і прымавак на беларускую мову. Вучні праявілі сябе сапраўднымі знаўцамі роднай мовы.

На гучныя чытанні “Аб роднай мове з захапленнем і павагай” сабраліся маленькія чытачы бібліятэкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі творы на беларускай мове, затым дзеці з задавальненнем разгадвалi крыжаванкi, загадкі, перакладалі словы з рускай на беларускаю мову.

Весела і займальна прайшло літаратурнае лато “Смак мовы”. Навучэнцы 7 класаў слухалі вершы, успаміналі фразеалагізмы, адгадвалі канчатак прыказак, адчувалі сябе сапраўднымі перакладчыкамі з рускай на беларускую мову. Затым вучні падбіралі да карткі з выявай прадмета адпаведнае слова. Даць правільны адказ дапамагалі вершаваныя радкі, якія служылі падказкай да кожнага малюнка.

Відэахвілінка “Скарына – беларускі супергерой” распавядала юнакам і дзяўчатам не толькі аб значэнні дзейнасці беларускага кнігадрукара, але і пра малавядомыя старонкі жыцця беларускага асветніка. Пасля прасмотра фільмаў аб жыццці і дзейнасці Ф. Скарыны прысутныя сышліся ў меркаванні, што ў свята роднай мовы, мы абавязаны аддаць даніну павагі ўсім тым, хто заклаў фундамент і садзейнічаў развіццю беларускага пісьменства і асветы, малодшае пакаленне павінна выконваць традыцыі пераемнасці ў развіцці беларускай літаратуры і кнігадрукавання.

Беларуская мова багата цікавымі словамі, але некаторыя з іх не часта пачуешь у гаворкі. Навучэнцам старэйшых класаў было прапанавана праверыць веды значэння беларускіх слоў у гульне “Таямніцы беларускіх слоў”. Таксама гэтую магчымасць было прапанавана выкарыстаць і вуртуальным карыстальнікам. На сайце бібліятэкі была размешчана он-лайн версія гульні “Таямніцы беларускіх слоў”.

У гэты дзень дарослыя наведавальнікі бібліятэкі таксама мелі магчымасць далучыцца да свята Роднай мовы. З цудоўнай скарбонкі, якая знаходзілася на абанеменце бібліятэкі дарослыя чытачы выцягвалі паперу з хуткамоўкай. Таксама чытачы бібліятэкі атрымлівалі памяткі “Размаўляй са мной па-беларуску”, якія нагадвалі, як правільна павітацца або развітацца, папрасіць прабачэння, выказаць падзяку і г. д.

На працягу дня ў фае бібліятэкі дэманстравалася відэапрэзентацыя “Па краіне беларускай літаратуры”, дзе былі згаданы біяграфічныя і творчыя старонкі жыцця беларускіх пісьменнікаў, а таксама гучалі сучасныя і народныя песні на беларускай мове.

Усім чытачам было прапанавана звярнуцца да выставы, прысвечанай святу роднай мовы “Любіце і шануйце роднае слова!”.

Народ Беларусі захоўвае ў сэрцы і памяці вобразы сваіх знакамітых сыноў. Іх імёны – у назвах вуліц і плошчаў, устаноў культуры, адукацыі і навукі, таму асаблівую цікавасць у мінакоў выклікаў вітражны літаратурны подыўм “Класікі беларускай літаратуры”. На вітражных вокнах былі размешчаны вялікія партрэты з біяграфічнымі звесткамі тых, чые словы яшчэ шмат стагоддзяў будуць гучаць на абшарах нашай краіны і далёка за яе межамі, – Я. Коласа, Я Купалы, М. Багдановіча, У. Караткевіча і іншых класікаў беларускай літаратуры.

Супрацоўнікі бібліятэкі ўпэўнены, што гэты дзень дазволіў перажыць моцныя пачуцці, атрымаць задавальненне і яшчэ раз пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць. Хочацца верыць, што святочны марафон, які быў арганізаваны ў бібліятэцы памножыў пачуццё гонару за сваю Радзіму, за свой народ у душах і дзяцей, і дарослых.

Беражыце родную мову! Размаўляйте па-беларуску!

Автор записи: admingb4

admingb4