Творчы настрой «Твой стыль – мова!»

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы – цудоўнае свята, якое аб’ядноўвае людзей у адзіную нацыю, дазваляе ўспомніць пра свае карані, традыцыі і Радзіму. Бібліятэка-філіал №4 ім. М.Лермантава прыняла ўдзел у творчым настрою «Твой стыль – мова!».

У святочны дзень у бібліятэцы панавала асаблівая атмасфера. Кнігі, нібы ў адзін голас, шапталі гісторыі мінулага і мары пра будучыню.

Раніца пачалася з майстэрні роднай мовы «Моўныя скарбы: пагоня за словамі». Ад самага пачатку імпрэза зачаравала ўсіх прысутных сваёй інтэрактыўнасцю і жывасцю. Удзельнікі з задавальненнем уключаліся ў гульні, віктарыны і конкурсы, дзе галоўнай зброяй былі веды роднага слова. «Скарбніца народных прымавак», «Лабірынт прыказак», «Палёт эпітэтаў» – спіс заданняў быў доўгім і займальным.

Далучыўшыся да супольнага свята слова, выхаванцы ўстановы «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Магілёва» адкрылі для сябе шматгранны свет беларускай культуры,  наведаўшы майстэрню роднага слова «Чытай! Слухай! Размаўляй!». Яны не проста слухалі, а жыва ўдзельнічалі ў абмеркаванні народных казак, адчуваючы мудрасць і глыбіню іх сюжэтаў. Кожны герой, кожны паварот сюжэта выклікаў эмоцыі, заахвочваў да разважанняў пра дабро і зло, пра справядлівасць і любоў. Знаёмства з абрадамі, што суправаджалі важныя падзеі ў жыцці беларусаў, дазволіла адчуць сувязь з гісторыяй, зразумець карэнні традыцый. Гэта было сапраўднае пагружэнне ў культуру, дзе кожны элемент, ад найменшага жэсту да слова, меў сваё глыбокае значэнне. Майстэрня «Чытай! Слухай! Размаўляй!» сапраўды зрабіла родную мову жывой, блізкай і любай для кожнага ўдзельніка.

Каб маладое пакаленне не страціла сваёй спадчыны, трэба з маленства прывіваць цікавасць да нацыянальнай самабытнай культуры, любоў да беларускай мовы. Таму ў сектары па рабоце з дзецьмі для юных чытачоў арганізаваны цікавыя інтэрактыўныя пляцоўкі. На выставе «На роднай мове размаўляю» прапанаваны лепшыя творы беларускай літаратуры за ўвесь час яе існавання – ад мінулага да сучасных дзён.

На выставе «Сусвет роднага слова ў кнігах», якая арганізавана ў інфармацыйна-сэрвісным сектары, прадстаўлены кнігі, якія адлюстроўваюць багацце і разнастайнасць беларускай мовы. Наведвальнікі мелі магчымасць азнаёміцца з творамі класікаў беларускай літаратуры, сучасных пісьменнікаў, а таксама з фальклорнымі і этнаграфічнымі матэрыяламі.

Акрамя таго, былі арганізаваны тэматычныя фотазоны, где можна было зрабіць здымкі на фоне прыгожых беларускіх пейзажаў ці з сімваламі роднай культуры. Атмасфера была напоўнена пазітывам, усмешкамі і шчырай радасцю ад супольнага адкрыцця і шанавання роднай мовы. Кожны ўдзельнік атрымаў не толькі неверагодны зарад станоўчых эмоцый, але і жаданне далей пашыраць свой слоўнікавы запас, каб роднае слова гучала ярка і шматгранна.

Автор записи: admingb4

admingb4