21 лютага ва ўсім свеце адзначаўся Дзень роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Менавіта гэту думку супрацоўнікі бібліятэкі і даносілі да сваіх чытачоў і гасцей у гэты дзень. 21 лютага з першых хвілін адкрыцця бібліятэкі пачалася лінгвамазаіка «Мая мова – мой свет, мая душа».
Адкрыла чараду мерапрыемстваў літаратурная гадзіна «Прытуліся да роднага слова». Пысутныя, а гэта вучні 1 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа №31 г. Магілёва» разам з бібліятэкарам ўзгадалі паходжанне роднай мовы і паразважалі аб яе выкарыстанні ў сучаснасці. Вельмі зацікавіла моладзь легенда «Адкуль пайшлі беларусы». Дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне «Моўныя залацінкі», у гульнях і загадках, ўзгадвалі розных літаратурных герояў.
Навучэнцы 2 «Б» ДАУ «Сярэдняя школа №31 г.Магілёва» прынялі ўдзел у гульнявой праграме «Беларускія гумарынкі для хлапчука і дзяўчынкі». Школьнікі пазнаёміліся з лепшымі творамі класікаў беларускай літаратуры, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі і жарты, спрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў, чыталі вершы на роднай мове.
Мерапрыемствы прайшлі для юных чатачоў пад дэвізам – трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.
У святочны дзень выхаванцы ДУА «Дзіцячы сад №100 г.Магілёва» наведалі беларускамоўную гульнятэку «З бабулiнага куфэрка». Музычныя і рухомыя гульні, інсцэніроўка казкі і прагляд мультфільмаў спрыялi таму, што маленькія беларусы пажадалі чытаць творы беларускіх пісьменнікаў.
Беларуская мова багата цікавымі словамі, але некаторыя з іх не часта пачуешь у гаворкі. Навучэнцам старэйшых класаў было прапанавана праверыць веды значэння беларускіх слоў у вясёлай граматыцы «Пішы без памылак».
Усім чытачам было прапанавана звярнуцца да выставы, прысвечанай святу роднай мовы «Любіце і шануйце роднае слова!». Таксама ўсім чытачам было прапанавана звярнуцца да выставы-шанавання «Штрыхі да партрэту пісьменнікаў-юбiляраў».
Народ Беларусі захоўвае ў сэрцы і памяці вобразы сваіх знакамітых сыноў. Іх імёны – у назвах вуліц і плошчаў, устаноў культуры, адукацыі і навукі, таму асаблівую цікавасць у мінакоў выклікаў вітражны літаратурны подыўм «Класікі беларускай літаратуры». На вітражных вокнах былі размешчаны вялікія партрэты з біяграфічнымі звесткамі тых, чые словы яшчэ шмат стагоддзяў будуць гучаць на абшарах нашай краіны і далёка за яе межамі, – Я. Коласа, Я Купалы, М. Багдановіча, У. Караткевіча і іншых класікаў беларускай літаратуры.
Родная мова – гэта адначасова i культура, i спадчына народа. Роднае слова – гэта першая крынiца, праз якую мы пазнаём жыццё i навакольны свет.
Беражыце родную мову! Размаўляйте па-беларуску!